ФРАНТАВЫ́ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917 (ФКЗФ),
грамадска-паліт. арг-цыя; выканаўчы орган з’езда ваен. і рабочых дэпутатаў армій і тылу Зах. фронту, які адбыўся ў Мінску 7—17(20—30).4.1917. Выбраны на з’ездзе 16(29) крас. ў складзе 70 чал. (35 салдат, 27 афіцэраў, 3 ваен. ўрачы, 5 рабочых); 5 месцаў пакінута сял. дэпутатам, 76-м членам абраны ваен. святар Елатомцаў. У наступны дзень на пасяджэнні к-та абраны Выканком (Выкамзах), у прэзідыум якога ўвайшлі салдат В.У.Падвіцкі (старшыня), капітан М.А.Палянскі і служачы Усерас. земскага саюза (УЗС) І.Е.Любімаў (таварышы старшыні), З.І.Зецель і П.І.Роўны (сакратары), Л.В.Грамашэўскі (скарбнік), члены прэзідыума — ваен. ўрач А.М.Кажэўнікаў, служачы УЗС Б.П.Позерн, салдат А.М.Фішгендлер. Выканком складаўся з камісій: кантрольна-кантактнай (пазней — аператыўнай; М.П.Якубовіч), юрыдычнай (А.Ф.Мяснікоў), арганізацыйнай (С.В.Спірыдовіч), гасп.-фінансавай (К.П.Макарэвіч), агітац.-прапагандысцкай (А.Б.Штэрн), рэдакцыйнай (У.І.Дрызо), па забеспячэнні арміі (Роўны). Прэзідыум і старшыні камісій складалі Бюро Выканкома. З 6(19).5 па 20.11(3.12).1917 к-т выдаваў газ. «Фронт». 16(29) ліп. к-т перавыбраны, у скарочаны да 6 чал. прэзідыум увайшлі: Кажэўнікаў (старшыня), Палянскі і Т.М.Калатухін (таварышы старшыні), Зецель, С.Я.Шчукін і Грамашэўскі (сакратары). Камісіі ўзначалілі: аператыўна-арганізацыйную А.І.Караткоў, юрыд. — Мяснікоў, прапаганды — Штэрн, рэдакцыйную — Дрызо, забеспячэння — Я.М.Трахтэнберг, рэвізійную — Дз.А.Лагуцін. Са складу к-та выведзены Позерн, Фішгендлер, М.М.Гаўрылаў, Н.Хватаў, абраныя ў ЦВК Усерас. з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Дадаткова ў к-т уведзены прадстаўнік выканкома Мінскай ваен. акругі Зяленскі. Для працы на фронце к-т стварыў «Камітэт рэвалюцыйна-дэмакратычнай прапаганды», рыхтаваў агітатараў.
У сваёй дзейнасці арыентаваўся на Петраградскі, а пасля — на Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў і на створаны ім ЦВК. Кантактаваў з камандуючымі фронтам (В.І.Гурка, А.І.Дзянікіным, П.С.Балуевым), франтавым камісарам Часовага ўрада У.Жданавым, з вярх. галоўнакамандуючым А.А.Брусілавым і міністрам-старшынёй А.Ф.Керанскім. У к-це сфарміраваліся (май 1917) фракцыі эсэраўская і с.-д., з якой у вер. вылучылася фракцыя бальшавікоў (старшыня Грамашэўскі). ФКЗФ спрыяў пашырэнню салдацкіх к-таў, каардынаваў іх дзейнасць, абараняў інтарэсы к-таў і Саветаў перад камандаваннем фронту, выступаў за скасаванне афіцэрскіх і падобных ім арг-цый, удзельнічаў у грамадска-паліт. жыцці Мінска, у папулярызацыі аблігацыі «Пазыкі Свабоды», у зборы ахвяраванняў на карысць «акопнікаў»; змагаўся за захаванне дысцыпліны на фронце і ў тыле, лічыў непрымальнай ідэю перадачы ўлады Саветам, выказаўся супраць склікання II з’езда Саветаў напярэдадні выбараў ва Устаноўчы сход. У час карнілаўшчыны адыграў вызначальную ролю ў арганізацыі і дзейнасці Часовага рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту. У першыя дні Кастр. ўзбр. паўстання 1917 быў ініцыятарам стварэння ў Мінску Камітэта выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, які выконваў функцыі часовай улады ў рэгіёне. Пасля пераходу ўлады да ВРК Зах. фронту ўдзельнічаў у падрыхтоўцы II Франтавога з’езда. 25.11(8.12) 1917 у выніку перавыбараў у новы склад франтавога к-та ўвайшло 100 чал., з якіх 80 — члены РСДРП(б). 26 ліст. (9 снеж.) пасля аб’яднання з выканкомамі пераабраных сялянскага Мінскай і Віленскай губ. (35 чал.) і рабоча-салдацкага Саветаў Паўн.-Зах. вобл. (35 чал.) быў створаны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), ФКЗФ як асобная грамадска-паліт. арг-цыя спыніла існаванне.
М.Я.Сяменчык.
т. 16, с. 458